БРЭ́СЦКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Існаваў у 17—18 ст. у Брэсце. Па запрашэнні луцкага біскупа П.Валуцкага з 1616 езуіты пачалі ў Брэсце місіянерскую дзейнасць, у 1629 быў заснаваны калегіум. У 1620 брэсцкі ваявода А.Валовіч падараваў езуітам фальварак Адамкаў, які стаў іх рэзідэнцыяй. Віленскі ваявода і магілёўскі староста Л.Сапега ахвяраваў ім фальварак Дзераўна з в. Мольткі і Мяневеж (Брэсцкі пав.), а ў 1650 — фальварак і в. Паніквы (Камянецкі р-н). У 1669 кароль Міхал Вішнявецкі перадаў езуітам в. Плоскі і землі ў Прылуках (Брэсцкі р-н). На працягу 17—18 ст. ордэн езуітаў набываў тут новыя землі з вёскамі (Слаўкі, Студзіловічы, Ляскавічы і інш., Брэсцкі пав.), аддаючы грошы пад залог маёнткаў, ператварыўся ў буйнога ліхвяра і арганізатара па эксплуатацыі промыслаў; меў б-ку, аптэку (з 1694). Навуч. праграма Брэсцкага езуіцкага калегіума была тыповай для езуіцкіх калегіумаў. З 1634 у калегіуме выкладалі толькі настаўнікі, якія мелі званне прафесараў. У 1772/73 навуч. г. з 28 выкладчыкаў 17 былі святарамі, 8 — манахамі. У 1696—1760-я г. пры калегіуме дзейнічаў школьны тэатр. У б-цы (каля 2 тыс. тамоў) былі кнігі на лац., ням., франц. і інш. мовах. У калегіуме вучыўся бел. мысліцель-атэіст К.Лышчынскі. Будынкі калегіума знаходзіліся на тэр. сучаснай Брэсцкай крэпасці, не зберагліся.
Т.Б.Блінова.
т. 3, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)